Урачыстасці ў Гудагаі

12 - 13 ліпеня 2008



    Сярод шматлікіх дароў на зямлі, Бог даў нам час, які, хоць здаецца, што ён – бясконцы, але хутка заканчваецца. Прайшоў год ад урачыстасці каранацыі абразу Божай Маці, які праславіўся ласкамі, у Гудагаі. Як кадры з толькі што прагледжанага фільму, аднаўляюцца ў памяці мінулагоднія ўрачыстасці. Быў шматтысячны натоўп з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы, якога Гудагай ніколі да тых пор не бачыў, прыгожая пагода з павевамі лагоднага ветру, доўгая літургічная працэсія да алтара, а ў ёй – усе біскупы Беларусі, апостальскі нунцый, некалькі дзесяткаў святароў, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, клерыкі і міністранты, сёстры і браты з розных ордэнаў, а пасярод іх – сам абраз у старадаўнім пераносным алтарыку. Якая была вялікая радасць сабраных на плошчы, калі на скроні Езуса і Яго Маці кардынал Казімір Свёнтак усклаў карону, паблагаслаўленую Божым слугой Янам Паўлам II.

    На працягу мінулага года ў маленькі касцёл у Гудагаі пачало прыязджаць усё больш асобаў. Некаторыя з іх прыбываюць сюды, каб пакланіцца Найсвяцейшай Маці і ў цішыні малітвы паразмаўляць з Богам. Іншыя, зачараваныя прыгажосцю мясцовай прыроды, хочуць адпачыць ад штодзённасці. Бываюць арганізаваныя паломніцтвы. Пасля папярэдняга паведамлення магчыма цэлебрацыя Эўхарыстыі, можна пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю касцёла і парафіі, пабыць у споведзі. Кармеліты ахвяруюць таксама сціплы пачастунак на тэрыторыі кляштару.

    Над палявым алтаром былі ў гэтым годзе змешчаны словы: “Зрабіце ўсё, што скажа вам Езус”. Гэта парафраза просьбы Марыі да слугаў падчас вяселля ў Кане Галілейскай (пар. Ян 2, 5). Калі ў Марыі мы просім дапамогі ў нашых слабасцях, то атрымліваем Яе падтрымку, выражаную словамі з Каны Галілейскай г. зн. слухайце Езуса, ідзіце за Ім, будзьце паслухмяны Божым запаведзям, даверцеся Езусу. Менавіта такія думкі суправаджалі разважанні і навукі падчас малітоўных чуванняў.

    У суботу 12 ліпеня перад палуднем прыбывалі паломнікі -– гарачыя прыхільнікі Шкаплернай Божай Маці. Мяне здзіўляла, што раней за ўсіх прыехалі здалёк: адна старэйшая асоба прыбыла з Віцебшчыны, каб падзякаваць за апеку Шкаплернай Божай Маці над ёй і яе сям’ёй. Іншая паломніца з Беразіно ўжо другі раз адправілася ў Гудагай, каб падзякаваць і прасіць Шкаплерную Божую Маці дапамагчы сям’і дачкі. Бліжэй вечара запаўняўся касцёл і ружанцовыя дарожкі. У 19.00 ужо на палявым алтары была св. Імша, якую разам з айцом-правінцыялам і іншымі святарамі цэлебравалі айцы Аляксандр Мешчановіч і Сяргей Юзаф Трысцень, сёлетнія неапрэзбітэры, босыя кармеліты. Гэтая Эўхарыстыя пачала святкаванне гадавіны каранацыі.

    Пасля св. Імшы ва ўрачыстай працэсіі быў перанесены абраз Гудагайскай Божай Маці, славуты ласкамі, у касцёл. Як і ў дзень каранацыі са старога пераноснага алтарыка, зробленага па-майстэрску, Марыя чула глядзела на людскія сэрцы. Пачалося чуванне. Кожны мог у маўчанні наблізіцца да выявы Марыі і даверыць Ёй сябе. У 22.00 грэка-католікі з Брэста праспявалі Акатыст дзеля ўшанавання НПМ. Калі ўсходняя песня песціла касцёл, у вёсцы гучаў спеў паломнікаў, якія ішлі пешшу з Астраўца, Солаў, Дайлідак, Смаргоні. Можна было здзіўляцца іхняму запалу і радасці, а была там не толькі моладзь. У 23.00 невялічкі касцёл ужо не змог памясціць усіх вернікаў. Пачаліся Нешпары і разважанні пра НПМ з гары Кармель, а пасля іх вырушыла працэсія з праслаўленым ласкамі абразом і са свечкамі.

  У поўнач пасля заканчэння працэсіі пачалася св. Імша аб Шкаплернай Божай Маці, якой кіраваў а. Бэрнард Радзік, настаяцель босых кармелітаў у Беларусі. Пасля яе заканчэння абраз Гудагайскай Божай Маці быў змешчаны ў прэзбітэрыі на спецыяльна падрыхтаваным троне. Паломнікі маліліся да ранку, адаруючы Найсвяцейшы Сакрамэнт. Найбольш нястомныя вытрымалі і на працягу ночы не заплюшчылі вачэй.
   Першая св. Імша ў нядзелю цэлебравалася ў 9.30 правінцыяльным настаяцелем босых кармелітаў. Неба было зацягнута хмарамі і здавалася, што вось-вось пойдзе лівень, але дажджу не было. А ў гэты час касцёл напаўняўся вернікамі. Кожны з прыбыўшых хацеў прайсці на каленях вакол абраза Божай Маці, славутага ласкамі. Гэтая спецыфічная працэсія, поўная маўчання, была як бы абменам любові паміж Маці і Яе дзецьмі. Жадаючыя маглі прыняць з рук святара кармелітанскі шкаплер, а такіх хто хацеў далучыцца да духоўнай супольнасці Кармелю было вельмі многа. Кожны, хто прымаў часцінку адзення Марыі, чуў словы: “Прымі гэты шкаплер. Давяраючы апераджальнай любові, якая паходзіць ад такой вялікай Маці, наследуй Марыю і жыві ў глыбокай лучнасці з Ёй. Насі гэты сімвал, як праяўленне памяці пра прысутнасць Багародзіцы, якая спадарожнічае твайму штодзённаму імкненню да духоўнага перамянення ў Хрыста і сведчання аб Ягоным жыцці дзеля дабра Касцёла і ўсяго чалавецтва, а таксама на хвалу Найсвяцейшай Тройцы”.

    У 12.00 пачалася ўрачыстая св. Імша адпустовая, якой кіраваў біскуп Антоній Дзям’янка. Ён адзначае ў гэтым годзе 10-ці годдзе сваёй біскупскай паслугі. Эўхарыстычную ахвяру ажыццявілі таксама апостальскі нунцый Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі і святары. Сярод апошніх быў правінцыяльны настаяцель босых кармелітаў і дэлегат апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі айцец-протапрэзбітэр Андрэй Абламейка. Тут прысутнічалі таксама прадстаўнікі раённых уладаў і розных арганізацый. У сваім казанні біскуп Антоній прадставіў тэалагічную інтэрпрэтацыю іконы ў святле навучання хрысціянаў Усходу, для якіх абраз Божай Маці мае асаблівую місію і значэнне, а таксама выяўляе канчатковую мэту стварэння чалавека: каб ён быў святыняй Святога Духа. Біскуп звярнуў увагу вернікаў на важныя для сучаснасці праблемы выхавання маладога пакалення, адказнасці за Касцёл і прызванне, а таксама на тое, каб людзі давалі добры прыклад іншым сваім сапраўдным хрысціянскім жыццём у сучасным свеце.

    Урачыстасць першай гадавіны каранацыі абраза Гудагайскай Божай Маці, славутага ласкамі, нібы чарговы кадр фільму, героямі якога былі мы, увайшла ў гісторыю. Час ідзе далей і мы – разам з ім. Добра было б, каб такіх абразоў і ўспамінаў было ў нашым жыцці як найбольш, бо мы патрабуем святаў, каб аднавіцца ў духоўным плане і набрацца сілаў для дальнейшай жыццёвай дарогі. У часе, які кожнаму прызначыў Бог, з намі заўжды ёсць наша Маці, якая ніколі нас не падвядзе і не пакіне, нават тады, калі мы зробім адваротнае. Варта памятаць пра гэта, пакуль людзі жывуць у часе, які ўжо сягае ў вечнасць.

Аркадзь Куляха OCD


Гісторыя

Фота

Супольнасьці

Падзеі

Гудагай

Шкаплер

Галоўная

Гісторыя

Фота

Супольнасьці

Падзеі

Гудагай

Шкаплер

Галоўная