Вечныя манаскія шлюбы і дыяканат у супольнасці кармэлітаў босых


19 і 20 верасня даўно чакалі кармэліты босыя ў Беларусі, а таксама родныя, сваякі і знаёмыя маладых братоў, якія складалі ўрачыстыя шлюбы і прымалі пасвячэнне ў дыяканы. Трэці раз у Нарачы адбываліся ўрачыстасці прысвячэння Богу юнакоў, якія адказалі на заклік Хрыста: “Ідзі за Мной”. Амаль дзесяць гадоў таму браты пачулі голас паклікання - Аляксандр ад Найсвяцейшай Тройцы ў Гродне, у роднай парафіі Маці Божай Міласэрнасці, якая асаблівым чынам ушаноўваецца ў Кармэлю, Павел ад Добрага Пастыра ў Бярозе, а Андрэй ад Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі ў Астраўцы ў цяні Маці Божай Гудагайскай. Пасля заканчэння сярэдняй школы яны папрасілі аб прыняцці ў ордэн кармэлітаў босых, які іх захапіў сваёй духоўнасцю.

У суботу, 19 верасня браты Аляксандр і Павел шлюбавалі на заўсёды жыццё паводле Статуту і Канстытуцый Кармэлю ў чыстасці, убостве і паслухмянасці. Айцец Правінцыял, які ўзначаліў Эўхарыстыю, у казанні падкрэсліў, што манаскія шлюбы – гэта дар для Касцёла і свету, а таксама знак моцы Бога, які дзейнічае ў чалавеку і чыніць яго здольным здзяйсняць немагчымае ў людзкім разуменні. Вочы братоў палалі прагненем чыстасці і агнём праўдзівай любові, якой чакаюць сэрцы сучасных людзей. Гэта яны, маладыя кармэліты будуць фарміраваць аблічча ордэна і несці адказнасць за вялікія Божыя дары ў будучыні.

У нядзелю, 20 верасня біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін выбраных братоў пасвяціў у дыяканы. Разам з Аляксандрам і Паўлам дыяканат прыняў брат Андрэй, які вечныя шлюбы складаў у студзені. Чыстае неба гэтай нядзелі было сімвалам сэнсу паклікання – быць чыстым і даваць радасць іншым. Біскуп Уладзіслаў у казанні прыпомніў жаданне кожнага святара быць святым і паказаў дарогу, якая вядзе да святасці – маліцца і трываць у еднасці з Богам. Біскуп узгадаў святога Яна Марыю Віянэя і падкрэсліў, што святасць з’яўляецца пакліканнем кожнага чалавека, а той, хто моліцца, ніколі не будзе сам, бо з ім ёсць Бог. Калі новыя дыяканы апранулі далматыкі, біскуп заахвоціў прысутных да радасці, а саміх дыяканаў падыйсці да бацкоў пацалаваць іхнія рукі. Гэты момант быў выразам падзякі тым, хто дазенае Богам жыццё прыняў, бярог і Богу аддаў.

Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел выхаваўцы, выкладчыкі і алюмны з Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Пінску, святары з родных парафій братоў, сёстры і браты з розных манаскіх супольнасцей, родныя, сябры і шматлікія вернікі.

Свята закончылася, Касцёл мае новых дыяканаў, а Кармэль у Беларусі моліцца аб святасці сваіх братоў і новых пакліканнях.


Ak


Галоўная

Гісторыя

Фота

Супольнасьці

Падзеі

Гудагай

Шкаплер

Галоўная

Гісторыя

Фота

Супольнасьці

Падзеі

Гудагай

Шкаплер

Фота кл. Дзмітрыя Дубовіка